Новости Вилейщины
11.07.2017
На фестывалі «Пеўчае поле» вілейскі харавы калектыў стаў лаўрэатам II ступені

Кожныя два гады лепшыя акадэмічныя, народныя, самадзейныя харавыя калектывы Беларусі збіраюцца ў маляўнічых мясцінах Нарачанскага краю. Вось і ў мінулыя выхадныя Мядзель гасцінна прымаў аматараў народнай песні, тут прайшоў рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле». Музычнае свята сабрала творчыя калектывы з усіх абласцей рэспублікі – каля 800 удзельнікаў і 29 калектываў.

На фестывалі «Пеўчае поле» не проста атрымліваюць асалоду ад прафесійных харавых спеваў, але і выбіраюць лепшыя калектывы. На працягу многіх гадоў узначальвае журы фестывалю мастацкі кіраўнік нацыянальнага акадэмічнага хору імя. Г. Цітовіча прафесар Міхаіл Дрынеўскі. Неаднаразовымі ўдзельнікамі музычнага форуму станавіліся і віляйчане, сярод якіх – удзельнікі Народнага харавога калектыву «Любанія». У гэтым годзе артысты зноў наведалі Мядзел і не проста паказалі сваё майстэрства, а былі высока ацэнены кампетэнтным журы, заняўшы сярод амаль трыццаці прафесійных калектываў другое ганаровае месца.

– Гэта неацэнны станоўчы вопыт для нашага калектыву, – расказвае кіраўнік хору «Любанія» Андрэй Дударчык. – За апошнія гады ў наш хор прыйшло шмат новых удзельнікаў і тое, што яны змаглі выступіць на адной сцэне з шматлікімі высокапрафесійнымі калектывамі – гэта значная школа майстэрства, гэта для іх, так бы мовіць, творчае ўзварушэнне. Пасля атрымання другога месца мы цяпер маем яшчэ большы стымул для далейшага развіцця. І праз два гады, калі зноў паедзем на наступны фестываль, – абавязкова будзем імкнуцца да перамогі. Тым больш, што ў 2019 годзе народны хор «Любанія» будзе адзначаць сваё пяцідзесяцігоддзе.

Песнi роднага краю ў выкананні ўдзельнікаў фестывалю «Пеўчае поле» заўжды становяцца значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі і творчасці беларускіх харавых калектываў і нязменна прыцягваюць знатакоў сапраўднага вакальнага мастацтва.

Все новости рубрики
 
 
© 2008 Вилейский районный
исполнительный комитет
Разработка БЕЛТА
Информационно-техническая поддержка УП «Минская волна»