100-летие начала Первой Мировой Войны

Мемарыяльны комплекс «Памяці падзей Першай Сусветнай вайны» знаходзіцца ў вёсцы Заброддзе.
Вёска Заброддзе размясцілася каля шашы Вілейка-Ашмяны (Р63), на беразе рэчкі Нарачанкі, якую тут і сапраўды можна перайсці уброд, таму і Заброддзе (р. Нарачанка ці Нарач адзіная рэчка, што выцякае з возера Нарач, гэта «беларуская Ангара»). У 1970-х гадах у гэтай вёсцы пасяліўся мінскі мастак Барыс Цітовіч с жонкай Валянцінай . Вельмі шмат сваёй працы сям’я Цітовічаў аддала на адраджэнне культуры Вілейшчыны. Дарэчы, Барыс Барысавіч Цітовіч адзін з стваральнікаў музея матэрыяльнай культуры «Дудуткі», а яго жонка Валянціна Пятроўна з’яўлялася яго першым дырэктарам.
 Абжыўшыся ў Заброддзі, Цітовічы ўзялі на сябе падвіжніцкую працу па стварэнні мемарыяла, прысвечанага падзеям Першай сусветнай вайны. Вынікі іх намаганняў відавочны. «Салдатам Першай сусветнай вайны. 1916 г.» – так, коратка і ёміста, напісана на помніку, які быў усталяваны імі ў 1984 годзе ў лесе, каля Заброддзя, на месцы шпіталя 20-й дывізіі. Вакол помніка – насыпы брацкіх і адзіночных магіл (агульным лікам 89), паглыбленні, у якіх некалі стаялі складзеныя з бярвенняў пабудовы шпіталя (16), дзесяткі зямлянак камандуючага складу, медперсанала. Агульная плошча шпіталя з могілкамі каля васьмі гектараў.
Сям’я Цітовічаў сваёй галоўнай задачай лічыць тое, што іх мемарыяльны комплекс (а большасць яго называюць музей, хаця пакуль і няма афіцыйнага статуса) павінен адлюстроваць у гістарычнай рэтраспекцыі падзей вайны 1914-1918 гг., у святле хрысціянскага, гуманістычнага асэнсавання трагедыі Радзімы, народа, асобнага чалавека, і абудзіць ў сучасніках гістарычную самасвядомасць, рэанімаваць памяць аб гісторыі паўзабытай вайны. Музейная вобразнасць павінна нарадзіцца як вынік трансфармацыі існуючых рэшткаў ваенных дзеянняў і гістарычных матэрыялаў той пары ў духоўныя каштоўнасці і ідэалы праз элементы катарсіса (г. зн. асэнсаванне трагедыі праз пачуццё суперыжавання).
Асаблівасцю мемарыяльнага комплекса памяці Першай Сусветнай вайны з’яўляецца тое, што ўсё існуе ў гістарычным развіцці і акрэслена праўдзівай фактаграфіяй. Навогуле, усё ў мемарыяльным коплексе мае нагляднасць, бо найлепей інфармацыя ўспрымаецца дзякуючы зрокавым вобразам.
Структуру мемарыяльнага комплекса памяці Першай Сусветнай вайны «Крокі 260 ost» можна схематычна акрэсліць наступным чынам:
* Духоўна-маральная місія;
* Патрыятычнае выхаванне;
* Гісторыка-краязнаўчая дзейнасць;
* Экалагічнае выхаванне, бо ўсе аб’екты музея знаходзяцца ў прыродным асяроддзі;
* Рэканструкцыя і добраўпарадкаванне культурна-гістарычных аб’ектаў і вайсковых пахаванняў перыяду І Сусветнай вайны;
* Стварэнне помнікаў на гістарычных месцах, звязаных з падзеямі Першай Сусветнай вайны.

 
 
© 2008 Вилейский районный
исполнительный комитет
Разработка БЕЛТА
Информационно-техническая поддержка УП «Минская волна»